зміст
попередня стаття наступна стаття на головну сторінку

Севярын Квяткоўскі

Дуда над горадам М

МЕСТА

– Выціскаюць нас, Севярын, выціскаюць, – са скрухай прамовіў мой старэйшы сябра, і мы зрабілі па глыточку чырвонага партвэйну.

Размаўляем з прыяцелем Андрэем за столікамі на тэрасе вялікага гандлёвага цэнтру «На Нмізе». Няміга – вуліца ў цэнтры Менску. Пад вуліцай, загнанай ў трубу на прыканцы 1920-х, цячэ старадаўняя рака Няміга: тая самая, чые берагі сталіся «крывавымі», і над якой «галовы снапамі сьцяліліся» 3 сакавіка 1067 году. Гэта дата першай згадкі Менску – памежнай крэпасьці Полацкага княства. У тым годзе аб’яднаныя войскі Кіеву і Ноўгараду зьнішчылі Менск і захапілі Полаччыну.

Адзін мой знаёмы львавянін, які стала жыве ў Кіеве, вельмі зьдзівіўся, калі пачуў, што ў Менску ёсьць старадаўнія камяніцы XVI – XVII ст.ст. І што нават ёсьць такі панятак, як «стары горад». Рэшта старых камяніцаў ад сярэднявечча і дагэтуль завецца Верхні горад. Зрэшты, назва Верхняга гораду невядомая для большасьці сучасных менчукоў: «Эта гдзе? За Дварцом Рэспублікі?» Палац Рэспублікі – вялічэзная спаруда, «шэдэўр» савецкай архітэктуры. Ён стаіць у самым цэнтры Менску, акурат насупраць Рэзыдэнцыі Прэзыдэнта, колішняга ЦК КПБ. Палац стаіць на падмурках дамінікагскага кляштара, і часткі вуліцы XVII ст. Будынак па мянушцы «саркафаг» амаль цалкам засланяе абрысы Верхняга гораду. У 1970-я сталпы савецкай архітэктуры прапанавалі кіраўніцтву БССР зьнесьці нахвіг старыя камяніцы, каб адкрыць від з ЦК КПБ на раку Сьвіслач. «Саркафаг» выратваў старыя камяніцы, нябачныя з Праспэкту.

Менск для прыезджых – гэта Праспэкт. Менчукі ніколі не ўдакладняюць у размовах , які праспэкт. Калі ты кажаш проста – Праспэкт, таксоўшчык цябе зразумее. Гэта праспэкт Сталіна-Варашылава-Леніна-Скарыны і вось цяпер – Незалежнасьці. «Узьлётная паласа да камунізму». Сталінскі ампір. Праспэкт стварае Менск, ягоны цэнтар, і ягонае аблічча. Тое, што завецца «цэнтрам» ляжыць на кілямэтр-паўтара па абодва бакі Праспэкту і кілямэтраў на пяць выцягнуты ў даўжыню. Сама магістраль цягнецца больш за дзесяць кілямэтраў па горадзе, і ператвараецца ў Маскоўскую шашу. Нядаўна кіраўніцтва РБ прапанавала ўнесьці Праспэкт у сьпіс ЮНЭСКА. Калі я быў падлеткам у часы перабудовы, я марыў як падчас вайны «нашых» зь «іхнымі» Праспэкт ляжа ў руінах: разам з Палацам і ЦК КПБ. І застануцца адно старадаўнія камяніцы. «Нашыя» – беларускамоўныя людзі пад бел-чырвона-белым сьцягам. «Іхныя» – расейскамоўныя савецкія пад чырвоным. «Нашыя» адбудавалі б усё, зьнішчанае ад часоў Расейскай імпэрыі і «пер! шых саветаў», а сталіца вярнулася б у Полацак, Наваградак, ці нават у Вільню.

Але мы з прыяцелем сядзім за столікамі на Нямізе, што ідзе з другога боку Верхняга гораду паралельна Праспэкту, і назіраем як будуецца шматпавярховы паркінг, ды рыецца катлаван пад новы бізнэс-цэнтар. На месцы будоўляў яшчэ ў 1960-х існаваў квартал Нямігі: суплёт старых крывых вулак, такіх звыклых львавяніну, кракаўцу, ці віленчуку.

Застаюцца лічаныя месяцы, калі са столікаў можна бачыць жывапісны краявід гэтай часткі Верхняга гораду, якая ляжыць за каталіцкай катэдрай.

Гісторыкі і архэолягі ў роспачы. Тое, што ўлады пакідаюць, як гісторыка-культурніцкую каштоўнасьць, часьцяком цалкам зносяць, а на тым месцы робяць навабуд. Гэта сучасная беларуская рэстаў-рацыя. Уласна, калі вы прыедзеце ў Менск, мы з прыяцелем возьмем сухога, партвэйну ці каньяку, і зробім вам экскурсію. Гэта будзе захапляльнае падарожжа зь дзеясловамі ў мінулым часе: «быў», «стаяў», «месьцілася». Некаторыя мае знаёмцы з Горадні, Вільні ды Полацку дзівяцца, маўляў, за што вы любіце свой Менск?

ПАРАЛЕЛЬНАЯ ПРАСТОРА

– Выціскаюць нас, Севярын, выціскаюць, – паўтарае Андрэй, і мы наліваем па другой.

Наліваем у... Ці можна плясыкавую шклянку назваць шклянкай, калі яна зробленая з плястыку? Аднойчы па вяртаньні з канцэрту ў Польшчы сьпявачка Кася Камоцкая задалася тым жа пытаньнем, і прыдумала: «Наліце мне ў плястыкувку».

Штораз сустракаючыся зь сябрамі, сотячы ў цэнтры Менску, мы глядзім адно на аднаго, і варочаем галовам навокал. Пытаньне вядомае ад даўна: «Куды?» Куды пойдзем?

Каб у грамадзтве зьявілася культура кавы, павінны быць кавярні. Каб у грамадзтве зьявілася культура гарбаты, павінны быць чайныя, каб у грамадзтве зьявілася культура піва, павінны быць піўныя. У той дзень, калі Кася прыдумала «плястыкувку», мы сядзелі за столікамі пад гастраномам «Цэнтральны» (недалёк ад Палаца Рэспублікі). Мы налівалі пад сталом гарэлку, і запівалі купленай у гастраноме кока-колай. Справа ня толькі ў тым, што сучасны цэнтра Менску будаваўся ў 1950-х, і савецкім архітэктарам не прыйшло да галавы запраектваваць патрэбную для мэгаполісу колькасьць установаў «абшчыпіту». І нават не ў падаткавай палітыцы, якая вымушае ўладальнікаў рабіць шалёныя нацэнкі ў кавярнях і рэстарацыях. Новамодныя кавярні заставаліся «абшчыпітам», пазбаўленым якой-кольвек творчай ідэі. У сярэдзіне 1990-х, выпадкова сустрэўшыся ля «Цэнтральнага», мы ішлі да... Напрыклад, да Ваньковіча.

– Вой, ды я яго ня ведаю, – засмучона кажа Іначка. – У яго дзеці ёсьць? Можа цукерак набыць?

– Хадзем, Іначка, – загадкава сьмяемся мы, грукаючы поўнымі бутэлькамі ў торбах.

Дом Ваньковіча фактычна захаваў сваю функцыю і ў канцы ХХ ст. Бо ў сярэдзіне ХІХ ст. кампазытар Валенты Ваньковіч штотыдзень зьбіраў у сябе менскую творчую «тусьню». Што робіць «тусьня»? Размаўляе, выпівае, сьпявае... Тое ж самае рабілі й мы. Толькі не ў нутры дому, дзе рыхтаваўся музэй кампазытара, а на задворку. На Ваньковічы можна было сустрэць «лепшых людзей гораду». Музыкантаў, журналістаў, мастакоў, бізнэсоўцаў: «маладую порасьль»і «салідных баброў». Напрыклад, Лявона Вольскага, чыя «Крамбамбуля» добра вядомая цяпер ва Ўкраіне. Альбо Міхала Анемпадыстава, аўтара тэкстаў і канцэпцыі «Народнага Альбому», большасьць песень да якога напісаў Лявон Вольскі, і які немагчыма ўявіць сабе без Касі Камоцкай. А таксама журналістаў зачыненага ўлетку 1996 году фм-радыё «101,2», дзе пісаўся «Народны Альбом», і вялі свае праграмы Лявон Вольскі і Кася Камоцкая. Ды цэлую купу музыкаў, якія цяпер увасабляюць лепшую беларускую альтэрнатыўную музыку: «Крыві», «Палац», «Ne! uroDubel», «Крама», «Pomidor/OFF»... Альбо бізнэсоўца Андрэя, зь якім мы цяпер сядзім на Нямізе, і які ў 1990-х быў частым фундатарам нашых сустрэчаў на Ваньковічы.

Цяпер Верхні Горад «адрэстаўраваны», а ў новабудах а ля «старіна» сядзяць амбасады, фірмы, ды каліва культурніцкіх установаў. А названыя мною музыкі засталіся па-за эфірна-канцэртным законам пасьля ўдзелу ў імпрэзе супраць кіраваньня ППРБ (Першы Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь). Праўда, Вольскі апынуўся у дваістым становішчы. Ягоны поп-праект «Крамбамбуля» дазволены, а рок-гурт «NRM» забаронены...

Каб перадаць атмасфэру канца 1990-х у Менску я распавядаю замежнікам – «далёкім» і «блізкім» – адну гісторыю.

Летам 1998 году на століках ля «Цэнтральнага», як заўжды выпадкова сустрэлася каля 10 журналістаў. Як «чэсных», гэтак «нячэсных» (вызначэньне ППРБ). Да нячэсных належыла і Кася Камоцкая, якая рабіла для «101,2» музычную праграму. А міма ішоў хлопец з асяродку анархістычнай газэты «Навінкі». Навінкі – ня толькі кароткія навіны, ці абнаўленьне на прылаўках крамы, але пасёлак пад Менскам, дзе месьціцца псыхдыспансэр. Тым днём хлопец нес другі – яшчэ самвыдатаўскі – нумар. Пасьля газэту зарэгістравалі, прадавалі праз кіёскі, але летась закрылі, як шмат іншых незалежных выданьняў.

Дык вось, узялі мы па нумары-два, ды стаім пасярод Праспэкту – чытаем. Ажно празь плячо Касі залазіць чырвоная вусатая пыса сяржанта патрульна-паставой службы. Ва Ўкраіне яго б назвалі Грышчанка, а мы назавем яго... Напрыклад, тыповым беларускім прозьвішчам Януковіч. Сяржант Януковіч паглядзеў пра што пішуць анархісты (па-беларуску – ужо падазрона!). Сяржант Януковіч выклікаў машыну, і завез усіх, хто зьмесьціўся ў «казьле», у пастарунак. Але была атракцыя!.. Ажно дзяжурны афіцэр урэшце прамовіў: «Ну прабачце, мае сяржанты ідыёты». Сам факт таго, што сяржант палічыў сябе экспэртам што да «падрыўной літаратуры», гаворыць за сябе.

Ясна, па трох гадзінах у пастарунку мы пайшлі да Ваньковіча.

Хіба, Ваньковіч стаўся апошнім месцам у цэнтры Менску, дзе можна было адчуць сябе па-за сталінскім ампірам, абшчыпітам і новай уладай, якая толькі набірала абароты празь зьбіцьцё дэманстрацыяў, закрыцьцё беларускіх школаў і мас-мэдыя, ды арышты непакорлівых бізнэсоўцаў.

Для мяне Ваньковіч скончыўся так. Калі там ужо зрабілася сумна, няўтульна, і тлумна, месца сталi часьцяком наведваць мiлiцэйскiя патрулi…

Аднойчы да Ваньковiча завiтала кумпанiя «старажылаў». Мы вырашылi «прыгадаць мiнулыя часы», наладзiць свайго кшталту разьвiтаньне з Домам. «Госьцi» крыху прыбралiся навокал, разьмясьцiлiся на прыступках, але вiно-пiва адразу не пілі — любавалiся заходам сонца.

Ва ўсiх было колiшняе адчуваньне патрапленьня ў паралельную прастору. Атмасфэра была крыху ўзьнёслая. Не магчыма было ўявiць, што нешта можа парушыць гэты настрой. Кася Камоцкая выйшла наперад да дарогi, якая вяла да суседняга Дому Масонаў (яшчэ адно культавае месца 1980-х – пачатку 1990-х). Раптам, з-за «Масонаў» на вельмi малой хуткасьцi выехала мiлiцэйская машына. Мiлiцыянт, якiя сядзеў побач з кiроўцам, паўвысунуўся з вакенца, прабегся позiркам па прыцiхлых «гасьцёх», i спынiў вочы на Касi. Машына ўсё наблiжалася, Кася i мiлiцыянт не адводзiлi вачэй, завiслая паўза зацягвалася…

Цi ўплывае месца на людзей? Магчыма. Цi мог мiлiцыянт узарваць элегiю, што панавала месцам? Вядома. Як бы там нi было, параўнаўшыся з

Касяй, мiлiцыянт ледзь чутна прамовiў: «Здрасьце…». Кася адказала: «Прывiтаньне». I яны ўсьмiхнулiся адзiн аднаму.

***

Але і сёньня мы займаемся гэтым мастацтвам – пошукам закуткоў паралельнай прасторы. Аскепкаў старога Менску. Плястыкувка, незвычайны краявід і сяброўская бяседа. Што яшчэ трэба, каб адчуць сябе ў Каралеўстве Беларусь?

Зрэшты, ставалася так, што жыхары Кралеўства Беларусь на час захоплівалі рэальнасьць.

НАШЫ Ў ГОРАДЗЕ

Траецкае прадмесьце добра бачнае зь Верхняга гораду. Гэты стары квартал першым «адрэстаўравалі» ў Менску, яшчэ напрыканцы СССР. Тут разьмясьціліся «модныя» кавярні і рэстараны. Але да сярэдзіны 1990-х «Тройку» акупавала гапата і калдыры. Верхні Горад, Траецкае і Опэрны тэатра ўтвараюць сваеасаблівы трохкутнік. Опэрны стаіць на колішняй Траецкай гары. Але менчукам не вядомая ні старая ні сучасная назва – плошча Парыскай камуны. Опэрны ёсьць Опэрны. Менавіта ля Опэрнага ўлады дазвалялі апазыцыі ладзіць свае мерапрыемствы. Самая важная і самая прынцыповая акцыя – шэсьце і мітынг на Дзень Волі. Гэта Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 году. Я памятаю гэтае неверагоднае адчуваньне – нашы ў горадзе! Гэтак здарылася на Дзень Волі 1998 году. Пасьля мітынгу кавярні Траецкага прадмесьця былі цалкам запоўненыя публікай, і амаль ўсе гаварылі і сьпявалі па-беларуску.

Ашалелая прадавачка, што разьлівала піва, ажно зьбелянела. Яе прымусілі выключыць «ветер с моря дул», і публіка гарланіла штосьці пра змагароў з маскальскай пошасьцю. Тым часам у пастарункі ўжо завозілі першыя партыі затрыманых пасьля мітынгу (шэсьце перад тым было несанкцыяванае). А тут, у Траецкім, паўстала цалкам новая – сто працэнтаў беларуская – рэчаіснасьць. Хай сабе адно на некалькі гадзін.

«А хто гэта такі, што па-беларуску гаворыць?» – «А, гэта нармальны хлопец. Прста гэта цяпер у менскіх панкаў такі прыкол». Дыялёг ля крамы «Нэктар», дзе зьбіралася менская нефармальнай тусоўка напрыканцы перабудовы – пачатку незалежнасьці. Ад 1960-х беларусам талдычылі, што беларускасьць – вясковасьць (што разумелася, як калхознасьць). А тут – нейкія хіпі-панкі-мэталісты, гавораць па-беларуску, перасыпаючы гаворку слэнгам ды часам мацярком. Сапраўды панк. Гэта ў 1991 першым. Але да 1998 году статус беларускай мовы значна зьмяніўся. З аднаго боку палітызаваўся: «Вы што, апазіцыянэр?» Зь іншага боку валоданьне мовай сталася прыкметай прадзьвінутасьці.

15 сакавiка 2000 Дзень Каснстытуцыі (якую ППРБ зьмяніў на рэфэрэндуме 1996 году, надаўшы сабе неабмежаваныя паўнамоцтвы). Рушыць «Марш Свабоды». Натоўп рухаецца да пляцу Бангалор (ускраек, куды і цяпер улады кіруюць заяўляльнікаў на апазыцыйныя мерапрыемствы). Мы зь сябрамі збочваем да ўнiвэрсаму «Рыга», каб пагрэцца кавай ды гарбатай. У кафэтэрыi дзьве касы, дзьве прадаўшчыцы. Бард Зьмiцер Бартосiк падыходзiць да першай, i замаўляе: «Калi ласка, бутэрброд з гарбушай, i адну гарбату». «Что-что?» – перапытвае «вырубленая» прадаўшчыца, чарнявая дзяўчына гадоў дваццацi. «Гарбата» по-русскi значiт «чай», – вясёла тлумачыць наш калега зь незалежнай тэлестудыі Алег Дашкевiч. Сьледам раблю замову я: «Адну каву». «Это кофе? Я по-белорусскi не понiмаю, я россiянка!» – дзяўчына адказвае агрэсiўна, гэта ейная памылка. «Россiянка?.. Вы беженка?!. Iз какого регiона?» – перапытваю зьедлiва-спагадлiва. Алег Дашкевiч таксама замаўляе «адну каву», i мы ўтрох адыходзiм да стойкi. За намi чарга чалавек на дваццаць, усе – з Маршу.

На пятым замаўляльніку кавы маладая прадаўшчыца ў iстэрыцы адскоквае ад касы. Праз хвiлiну з кута даносяцца словы, якiмi яна скардзiцца каляжанцы: «А он i спрашывает, вы что беженка?»...

За касу становіцца новая прадавачка зь ветлівай усьмешкай на твары: «Вам кавы? З цукрам, ці без?»

***

Мы п’ем з Андрэем партвэйн, і слухаем шатляндзкую дуду – валынку. Сёньня ў Менску гуляюць зборныя Беларусі і Шатляндыі. У цэнтры Менску, асабліва на Праспэкце, цуцоўны сьвяточны бардак. Мужыкі ў спадніцах-кілтах ствараюць уражаньне, нібыта «ў нашае мястэчка» прыехаў цырк шапіто: свабодныя, адвязныя, дабразычлівыя.

Калі хто ня ведае, дык Менск – гэта ўзорна чысты правільны горад. Напрыклад, стомленыя ад гораў бруду ўкраінцы і расейцы радуюцца чысьціні Менску. (Але некаторыя «злобныя» ўкраінцы і расейцы мне казалі, што жаданьне менчука кінуць недапалак у сьметніцу – гэта прызнак падпарадкаваньня сьвядомасьці грамадзянаў аўтарытарнаму рэжыму :). Апошнімі гадамі Менск ператварыўся ня проста ў чысты, але ў стырыльны горад – у простым і пераносным сэнсе. І вось цяпер АМОНаўцы разгублена перагукаюцца па рацыях, і сочаць за імправізаваным канцэртам, які ладзяць суайчыньнікі Ірвіна Ўэлша і спадкаемцы Янк Купалы акурат побач з «Цэнтральным». Яшчэ два дні таму «спадкаемцы» акуратна адправіліся б у бліжэйшы пастарунак – за «парушэньне грамадзкага парадку». І так будзе адразу, як шатляндцы пакінуць Менск. Прыблізна за тое цяпер два палітыкі атрымалі па два гады «хіміі» – ачолілі калёну дэманстрантаў (тую самую зь якой забралі ўкраінцаў і расейцаў на «суткі»). Праўда, беларускія палітыкі ішлі не пад шатляндзкім сьцягам, і не пад тым, што завецца «закат над балотам», а пад нацыянальным і эўразьвязаўскім.

Я слухаю шатляндзкую дуду, і ўзгадваю, як цэнтар Менску поўніўся фарбамі жыцьця. Вось белы кот, які ў пераходзе «самастойна» грае на клявішах. Вось малады трансвэстыт па мянушцы Мадона, які на рагу Праспэкту ладзіць комік-шоў. Вось вулічны гітарыст, які на замову можа сыграць перадапошнюю песьню з трэцяга альбому «Led Zeppelin»… А вось два байцы «кулька» (Інстытут культуры): адзін з балалайкай, а другі з гармонікм. Сьпяваюць «Воплі Відоплясова» і Сукачёва: «Я палюблю тебя Москва…» Я даю кідаю купюру сярэдніх памераў, і кажу: «Яшчэ раз пачую пра Маскву – п@зды дам». Наступнага разу, як бачаць мяне ў пераходзе, адразу пачынаюць сьпяваць «Песьняроў», ці «NRM». Гэтак было зусім нядаўна. Цяпер у Менску стырыльна чыста. Ані дэманстрацыі, ані кулькоўцаў, ані панкаў, ані мэталістаў. Скінхэдаў паганялі антыфа, а антыфа паганялі мянты… Але мы з Андрэем і К ўсё яшчэ шукаем, і знаходзім закуткі паралельнай прасторы.

Але.

Нядаўна лідары сусьветнага бізнэсу, кшталту Samsung, Adidas, Renault etc без усялякага прымусу пачалі даваць рэкляму па-беларуску (як было ў сярэдзіне 1990-х). А беларускія маладзёны, размаляваныя ў колеры «закат над балотам» скандуюць «Жыве Беларусь!» (лёзунг, паводле якога «ціхары» на мітынгах вызначаюць, каго «вінціць»).

Я гляджу на шатляндцаў у цэнтры Менску, і спрабую зразумець, што робіцца ў галовах АМОНаўцаў, якія кожнага беларуса забралі б за дзясятую частку той добрай, непрымусовай і п’янаватай весялосьці, якая пануе ў «гасьцей сталіцы». А пасьля мне робіцца проста добра, і я разумею, што «нашы ў горадзе», і я кідаю «сотню» маладым вулічным музыкантам, якія сьпяваюць па-беларуску ў пераходзе пад пляцам Незалежнасьці.


ч
и
с
л
о

38

2005

на початок на головну сторінку